Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook
Перайсьці да зьместу

Народная Рэспубліка Баўгарыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Колішняя дзяржава
Народная Рэспубліка Баўгарыя
па-баўгарску: Народна Република България
Сьцяг Герб
Гімн Мілая Радзіма
15 верасьня 1946 — 15 лістапада 1990
Кароткая назва България
Сталіца Сафія
Афіцыйная мова баўгарская
Форма ўраду народная рэспубліка[d]
Заканадаўчы орган Народны сход Баўгарыі
Сябра ў Варшаўская дамова і Савет эканамічнай узаемадапамогі[d]
Насельніцтва
  • 9 009 018 чал. (1989)
Валюта баўгарскі леў
Георгі Дзімітраў[d], Вылка Чарвэнкаў[d], Тодар Жыўкаў[d] і Пётар Младзенаў[d]
Наступнік:
Баўгарыя

Наро́дная Рэспу́бліка Баўга́рыя (па-баўгарску: Народна република България) — афіцыйная назва Баўгарыі за сацыялістычным часам (1946—1990). НРБ кіравалася Баўгарскай камуністычнай партыяй, была сяброўкай Арганізацыі Варшаўскага дагавора і Савета эканамічнай узаемадапамогі.

У Другую сусьветную вайну Царства Баўгарыя ўступіла на баку Восі. У 1943 годзе на фоне пераходу ініцыятывы ў вайне на бок Савецкага Саюзу ў краіне ўзмацніўся камуністычны рух, і цар Барыс Трэці зрабіў спробу выйсьці з саюзу зь Нямеччынаю, але 28 жніўня нечакана сканаў. У 1944 годзе Баўгарыю ахапіў дзяржаўны застой. Няўдалыя спробы мірных перамоў прывялі да таго, што ў верасьні 1944 году савецкія войскі пачалі ўварваньне, не сустрэўшы, аднак, аніякага супраціву. 9 верасьня камуністы пры дапамозе міністра абароны Івана Марынава ажыцьцявілі дзяржаўны пераварот і прыйшлі да ўлады, абвясьціўшы народную рэспубліку.

У 1944—1945 гадах новы урад правёў шэраг рэпрэсій супраць палітычных супернікаў, калектывізацыю і экспрапрыяцыі, што прывяло да ўзьнікненьня партызанскага Гаранскага руху, які карыстаўся падтрымкай Грэцыі. Для ліквідацыі супраціву быў створаны Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (ДС), які захоўваў важную ролю ўвесь час існаваньня НРБ. Рэферэндум 1946 году афіцыйна замацаваў сацыялістычны лад. Старшынём Савета Міністраў стаў адзін з самых харызматычных дзеячаў Камінтэрну, Георгі Дзімітроў. Ён наладжваў сяброўскія стасункі з Югаславіяй і актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы праекта Балканскай Фэдэрацыі (дзяржавы, якая павінна была аб’яднаць Югаславію, Албанію, Баўгарыю, Румынію, і, пры ўмове перамогі кампартыі ў грамадзянскай вайне, Грэцыю).

Сядзіба БКП. Сафія (1984)

Сьмерць Дзімітрава ў 1949 годзе супала з савецка-югаслаўскім расколам, які паставіў крыж на ідэях аб’яднаньня Балканаў. Новы генэральны сакратар Баўгарскай камуністычнай партыі, сталініст Вылка Чарвенкаў, правёў чысткі ў партыі, закончыў калектывізацыю, нягледзячы на ўзброеныя выступы сялян, і аб’явіў курс на індустрыялізацыю краіны.

У 1954 годзе пасьля дэсталінізацыі да ўлады прыйшоў Тодар Жыўкаў. Пры ім НРБ увайшла ў Арганізацыю Варшаўскай дамовы, брала ўдзел у здушэньні Вугорскага паўстаньня 1956 году і Праскае вясны. Шчыльнае супрацоўніцтва з СССР прыносіла Баўгарыі значныя эканамічныя выгады. Да 1960 року прамысловасьць стала пераважным сэктарам дзяржаўнай эканомікі, і Баўгарыя стала значным экспартэрам побытавых тавараў, а пазьней і кампутарнай тэхнікі, за што атрымала мянушку «Крамянёвай даліны Ўсходняга блёку».

У 1989 годзе, падчас Восені народаў, у краіне пачаліся палітычныя рэформы. Тодара Жыўкава адхілілі ад ўлады, а БКП страціла свой кіроўны стан, зьмяніла назву на Баўгарская сацыялістычная партыя і прыняла сацыял-дэмакратычную ідэалёгію. У 1990 годзе прэзыдэнтам стаў кандыдат ад апазіцыйнага Саюзу дэмакратычных сілаў Жэлю Жэлеў, а з афіцыйнай назвы дзяржавы выключана слова «народная». Новая Канстытуцыя 1991 року афіцыйна скасавала ўсе сымбалі НРБ.