Мона (востраў)
Мона | |
---|---|
ісп. Mona | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 56,783 км² |
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
18°05′12″ пн. ш. 67°53′22″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Вялікія Антыльскія астравы |
Акваторыя | Карыбскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Мо́на (ісп.: Isla de Mona) — востраў у аднайменным праліве паміж астравамі Гаіці і Пуэрта-Рыка. Уваходзіць у склад Пуэрта-Рыка. Плошча — 56,783 км². Ненаселены.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Мона месціцца ў 67,5 км на захад ад вострава Пуэрта-Рыка, 66,9 км на ўсход ад вострава Гаіці, 8746 км на паўднёвы захад ад Мінска. Выцягнуты ў даўжыню на 10,7 км. Найбольшая шырыня — 7,37 км.
Паверхня сушы складаецца пераважна з вапнякоў. Большую частку вострава займае ўзгорыстае плато. Найвышэйшы пункт — 95 м. Берагі скалістыя, абароненыя колам каралавага рыфу. Толькі там-сям вылучаюцца вузкія палоскі пясчаных пляжаў. Востраў Мона знакаміты вялікай колькасцю карставых пячор. Яны займаюць прыкладна 2 % тэрыторыі, некаторыя дасягаюць 244 м у даўжыню.
Клімат засушлівы субтрапічны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад 20,5° C да 32,7° C. Найбольш спякотны месяц — ліпень. Найбольш прахалодны — студзень. У зімовы перыяд сярэдняя колькасць ападкаў не перавышае 35 — 50 мм у месяц. Найбольш дажджлівыя месяцы — май (117 мм) і кастрычнік (117 мм).
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Мона фактычна з’яўляецца запаведнікам і знаходзіцца пад кантролем Дэпартамента прыродных рэсурсаў Пуэрта-Рыка. Большая частка паверхні пакрыта лесам. Флора прадстаўлена фікусамі, кактусамі, архіднымі раслінамі, лішайнікамі і г. д.
Фаўна не адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. На востраве Мона шмат птушак, кажаноў і яшчарак, у тым ліку рэдкія эндэмічныя ігуаны. Востраў таксама насяляе невялікі статак здзічэлых коз. На прыбярэжных пляжах размножваюцца марскія чарапахі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Мона здаўна быў прытулкам для чалавека. Археолагамі знойдзены на ім стаянкі архаічных індзейцаў. У 1 тысячагоддзі н. э. ён быў населены народам таіна, які займаўся рыбалоўствам, ловам чарапах і малюскаў, вырошчвалі клубневыя культуры, дыні і бавоўну.
22 лістапада 1493 г. востраў Мона быў адкрыты Х. Калумбам. У 1508 г. іспанцы абавязалі мясцовае насельніцтва пастаўляць у Пуэрта-Рыка харчаванне і бавоўну, за што пазбавілі тубыльцаў ад здабычы золата. Прыбыткі ад эксплуатацыі астравіцян паступалі нашчадкам Х. Калумба. У 1517 г. на востраве Мона жыло ўсяго 30 сем’яў таіна (152 чал). Акрамя традыцыйных сельскагаспадарчых культур, яны асвоілі вырошчванне апельсінаў.
З 1522 г. востраў Мона пачалі наведваць спачатку французскія, а потым і англійскія карсары. Яны пагражалі пастаўкам харчу і бяспецы карэнных жыхароў. Да 1543 г. насельніцтва скарацілася да меней за 50 чал. У 1578 г. выжылых таіна (ад 10 да 30 чал.) перавезлі ў Пуэрта-Рыка. У 1590 г. Уолтэр Рэлі спаліў хаціны, што заставаліся ад тубыльцаў.
Востраў на доўгія гады быў закінуты іспанцамі, аднак сюды наведваліся піраты, якіх вабілі наяўнасць пітной вады і блізкасць іспанскіх калоній. У другой трэці XIX ст., калі век пірацтва скончыўся, Мона прыцягнула здабытчыкаў гуана. У 1856 г., калі губернатар Пуэрта-Рыка адправіў на востраў экспедыцыю для даследавання радовішчаў гуана, то даследчыкі заспелі некалькі амерыканскіх караблёў, што здабывалі гуана без усялякага дазволу. З 1871 г. востраў Мона здаваўся ў канцэсію прадпрымальнікам з розных краін, якія здабывалі на ім каштоўнае ўгнаенне. У 1883 г. штодзённа здабывалася каля 40 тон гуана. Трэба зазначыць, што здабытчыкі прыклалі шмат намаганняў для вывучэння прыроды і гісторыі Моны, увезлі какосавыя пальмы, пабудавалі маяк. Аднак здабыча канчаткова перарвалася ў 1927 г.
Мону таксама наведвалі шукальнікі пірацкіх скарбаў, прычым небеспаспяхова. Да пачатку XX стагоддзя з’явілася некалькі рапартаў аб знойдзеных каштоўнасцях. У 1888—1896 гг. дзейнічала сельскагаспадарчае прадпрыемства, заснаванае перасяленцам з Пуэрта-Рыка.
У 1899 г. востраў Мона перайшоў пад суверэнітэт ЗША. Амерыканскія грамадзяне неаднаразова спрабавалі каланізаваць далёкі кавалак сушы, але ўраганы і заканчэнне здабычы гуана перашкаджалі іх поспеху. У 1927 г. на Моне засталіся толькі супрацоўнікі маяка і тры сям’і рыбакоў. У 1937 г. адчынены лясны гадавальнік, пабудаваны прычал і авіяпаласа. У 1942 г. узбярэжжа вострава Мона было абстраляна з нямецкай падводнай лодкі. У 1953 г. востраў трапіў пад непасрэдны кантроль урада ЗША і выкарыстоўваўся ваенна-паветранымі сіламі для выпрабаванняў.
У 1962 г. востраў фактычна ператварыўся ў запаведнік, адкрыты для абмежаванай колькасці турыстаў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мона — добра захаваны сакрэт Карыбаў
- Клімат Архівавана 3 верасня 2013.
- Гісторыя Архівавана 19 кастрычніка 2012.
- Расліны вострава Мона