Налі
Налі (Налейка, Наліўкі) — першая слабада іншаземцаў у Маскве. Вядома паводле звестак С. Герберштэйна. Існавала з пачатку XVI стагоддзя ў раёне вул. Якіманка (за сучасным Спасаналіўкаўскім завулкам ). Заснавана па загадзе вялікага князя Васіля III для драбаў (пешых воінаў), у асноўным выхадцаў з Вялікага Княства Літоўскага. Жыхары слабады (у адрозненне ад іншых жыхароў Масквы) мелі права варыць піва і мёд увесь год і, як мяркуе Герберштэйн, назва паходзіць ад слова «налей», якое тут часта гучала. Паколькі слабада была заселена вайскоўцамі, яе размясцілі па суседстве з Крымскім бродам — найбольш небяспечным месцам у час татарскіх наездаў.
Пры ўзнікненні слабады сярод яе насельніцтва пераважалі беларусы, але з-за наплыву людзей з Заходняй Еўропы яна паступова страчвала свой беларускі характар. Як мяркуецца, Налі знішчаны ў 1571 у час наезду хана Даўлет-Гірэя, калі Маскву вынішчыў вялікі пажар.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Масква // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.