Прэмʼер-міністр Эсватыні Расэл Дламіні прыляцеў у Менск 20 чэрвеня на запрашэнне прэмʼер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі. Пра гэта паведамляе «The Kingdom Online».
«Прэмʼер-міністр Эсватыні Расэл Дламіні і яго дэлегацыя прыбылі ў Менск, Рэспубліка Беларусь, на запрашэнне прэмʼер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі з рабочым візітам. Эсватыні і Беларусь цяпер у працэсе наладжвання дыпламатычных адносінаў», – піша выданне.
У Менску Расэла Дламіні сустрэў намеснік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў.
Камюніке аб наладжванні дыпламатычных адносінаў Беларусь і Эсватыні падпісалі 4 чэрвеня 2024 года.
Каралеўства Эсватыні да 2018 года называлася Свазіленд. Яго перайменавалі таму, што назву часта блыталі са Швейцарыяй. Гэта невялікая дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы. Плошча Эсватыні – 17,2 тысячы квадратных кіламетраў. Форма праўлення ў краіне – дуалістычная канстытуцыйная манархія.
Арсен Рудэнка belsat.eu