Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

«Politico»: Перамовы аб уступленні Украіны ў ЕЗ Брусель хоча пачаць у чэрвені


Выданне «Politico» паведамляе, што Еўразвяз мае намер пачаць перамовы наконт сяброўства Украіны ўжо ў чэрвені 2024 года. Аднак для гэтага патрэбная згода Вугоршчыны.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пяць еўрапейскіх дыпламатаў паведамілі «Politico», што ЕЗ хоча, каб перамовы стартавалі 25 чэрвеня. Гэтая падзея мусіць падтрымаць маральны дух Украіны, якая больш за два гады змагаецца з поўнамаштабным расейскім уварваннем.

Каб афіцыйныя перамовы пачаліся, усе 27 краінаў ЕЗ павінны ўзгадніць так званую перамоўную рамку. Пакуль што перамовы на тэхнічным узроўні праходзяць добра, гавораць суразмоўцы выдання.

«Politico» зазначае, што цяпер Брусель і Кіеў інтэнсіўна працуюць над тым, каб Вугоршчына не перашкаджала перамовам аб уступленні Украіны ў Еўразвяз. Адно з праблемных пытанняў у гэтым кантэксце – становішча вугорскай меншасці ва Украіне.

Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў зазначыў, што Будапэшт, імаверна, хацеў бы пакласці канец перамовам аб уступленні Украіны ў ЕЗ да таго, як Вугоршчына ў ліпені на шэсць месяцаў зробіцца старшынёй Рады ЕЗ. Брусель у сваю чаргу плануе паспець адкрыць перамовы да 1 ліпеня і спрабуе пераканаць Будапэшт, што гэтае рашэнне будзе ў яго інтарэсах. Але, «як заўсёды, немагчыма прадказаць, што зробіць Вугоршчына, пакуль мы не пачуем меркавання самога Орбана», – канстатаваў адзін з дыпламатаў.

Нагадаем, у снежні 2023 года на саміце Еўразвязу ў Бруселі Украіну і Малдову афіцыйна запрасілі да перамоваў наконт сяброўства ў ЕЗ. Тады вугорскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан не блакаваў гэтага гістарычнага рашэння, але папярэдзіў, што ў будучыні працэс можна будзе затармазіць «яшчэ мінімум 75 разоў».

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 18:40

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў