Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

У Польшчы затрымалі падазраваных у дыверсіях, спланаваных расейскімі спецслужбамі


Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у інтэрвʼю TVN24, што праваахоўныя органы арыштавалі дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы дыверсіяў і актаў сабатажу на заданне расейскіх спецслужбаў.

Паліцыя Познані.
Крыніца: gloswielkopolski.pl

«Што датычыць дыверсіяў і сабатажу, то справа вельмі сурʼёзная», – заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Паводле яго, гэта датычыць некалькіх еўрапейскіх краінаў – у прыватнасці, Польшчы, Літвы і Латвіі. Таксама паступаюць сігналы са Швецыі аб тым, што некаторыя дзіўныя падзеі таксама могуць быць вынікам дыверсіі.

Туск паведаміў, што цяпер у Польшчы арыштаваныя дзевяць чалавек, якіх падазраюць у непасрэдным удзеле ў дыверсіях на тэрыторыі Польшчы на заданне расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх ёсць грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.

Прэм’ер-міністр распавёў, што ў Вроцлаве была перадухіленая спроба падпалу прадпрыемства для вытворчасці фарбаў, побач з якім месціцца хімічны завод.

«Гэта зроблена на замову расейскіх службаў, пра што ўжо без усялякіх сумневаў было заяўлена», – сказаў Туск.

Ён адзначыў, што выпадкі дыверсіяў таксама фіксаваліся ў Літве – напрыклад, падпал складу Ikea. «Тыя ж людзі, якіх там затрымалі, таксама могуць мець дачыненне да спробаў дыверсіяў, у асноўным падпалаў, таксама ў Польшчы», – сказаў ён. Падрабязнасцяў польскі прэмʼер раскрываць не стаў.

Туск падкрэсліў, што цяпер вядзецца не толькі расследаванне, але і ладзіцца «маштабная акцыя  ліквідацыі падобнага роду пагрозаў». Гэта таксама азначае арышт любых іншых патэнцыйных злачынцаў, дадаў ён.

«Я хачу гэта вельмі ясна ўдакладніць. Па-першае, дзяржава дзейнічае ў гэтым пытанні, кансультуючыся з нашымі суседзямі і саюзнікамі. І я вельмі задаволены эфектыўнасцю нашых службаў на дадзены момант, – сказаў прэм’ер. – Па-другое, пагроза такіх дзеянняў, як я ўжо казаў, рэальная не толькі ў Польшчы».

Hавiны
У Польшчы створаць камісію па расследаванні расейскага і беларускага ўплыву ў краіне
2024.05.10 12:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў