Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна спыніла дзеяньне дамоваў зь Беларусьсю аб супрацы памежных абласьцей


Кабінэт міністраў Украіны. Архіўнае фота
Кабінэт міністраў Украіны. Архіўнае фота

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне.

Кабінэт міністраў Украіны спыніў дзеяньне дзьвюх дамоваў, якія вызначалі памежную супрацу зь Беларусьсю.

«Спынілі ў сувязі з карэннымі зьменамі абставінаў», — паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук.

Паводле яго, спынілі дзеяньне дамовы аб супрацы памежных абласьцей, падпісанай 12 траўня 1997 году ў Кіеве, і аб міжрэгіянальнай і памежнай супрацы, падпісанай у Кіеве 22 траўня 2013 году.

Дамова аб супрацы памежных абласьцей прадугледжвала садзейнічаньне гандлёва-эканамічным кантактам між Валынскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Ровенскай і Чарнігаўскай абласьцямі Ўкраіны і Берасьцейскай і Гомельскай абласьцямі Беларусі.

Дамова аб міжрэгіянальнай і памежнай супрацы прадугледжвала разьвіцьцё гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, экалягічнай, культурнай, этнакультурнай і гуманітарнай супрацы між рэгіёнамі, у тым ліку памежнымі, а таксама ў разьвіцьці памежнай інфраструктуры.

Абедзьве дамовы падпісваліся на пяць гадоў і аўтаматычна працягваліся на наступныя пяць гадоў у тым выпадку, калі ня менш як за 6 месяцаў да заканчэньня адпаведнага тэрміну адзін з бакоў пісьмова не праінфармуе другі бок пра свой намер спыніць дзеяньне дакумэнту.

Якія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:

  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб свабодным гандлі;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.

XS
SM
MD
LG