Беларусь прайграла выбары за месца ў Камісію папярэджаньня злачыннасьці і крымінальнага правасудзьдзя ААН, куды яна ўваходзіла з 2010 году, паведаміў 10 красавіка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі.
Паводле яго, ад Усходнеэўрапейскай групы ў камісію выбралі Альбанію і Латвію.
АПК загадзя праінфармаваў усіх чальцоў Эканамічнай і сацыяльнай Рады ААН пра парушэньні рэжымам Лукашэнкі «абавязаньняў у галіне супрацьдзеяньня злачыннасьці» і заклікаў адхіліць кандыдатуру Беларусі на гэтых выбарах. У звароце да чальцоў Эканамічнай і сацыяльнай Рады ААН Кавалеўскі зьвярнуў увагу на тое, што рэжым Лукашэнкі:
- дэманстратыўна адмаўляецца супрацоўнічаць з органамі ААН;
- парушае правы чалавека ў Беларусі, зьдзяйсьняе міжнародныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці;
- парушае абавязаньні ў блёку «Мір, справядлівасьць і ўстойлівыя інстытуты» у рамках глябальных Мэтаў устойлівага разьвіцьця;
- груба парушыў нормы міжнароднага права ў галіне цывільнай авіяцыі, паставіўшы ў рызыкоўнае становішча жыцьці дзясяткаў людзей (гаворка пра выпадак з пасадкай самалёта Ryanair у Менску. — Рэд.);
- зьяўляецца саўдзельнікам злачыннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
У выніку чальцы Эканамічнай і сацыяльнай Рады ўлічылі факты, пададзеныя АПК, і прагаласавалі супраць далейшага ўваходжаньня Беларусі ў склад камісіі ААН па папярэджаньні злачыннасьці і крымінальным правасудзьдзі.
МЗС Беларусі выбары ў Камісію папярэджаньня злачыннасьці і крымінальнага правасудзьдзя не камэнтуе.
Трохгадовы тэрмін знаходжаньня Беларусі ў камісіі завяршаецца ў канцы 2024 году.