Аляксандар Лукашэнка 22 красавіка прызначыў шэраг кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі і двух міністэрстваў.
Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, Сяргей Масьляк стаў міністрам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, Яўген Каваленка — міністрам юстыцыі, Алена Маргунова — старшынёй Дзяржкамітэту стандартызацыі.
Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём Наваполацкага гарвыканкаму Ігара Бурмістрава. З 2018 году ён быў першым намесьнікам камандуючага ўнутранымі войскамі, начальнікам штабу. У верасьні 2023 году Лукашэнка звольніў яго ў запас па ўзросьце з правам нашэньня вайсковай формы і знакаў адрозьненьня.
У 2020 годзе пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў Ігара Бурмістрава ўключылі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвяз, Вялікая Брытанія і Швайцарыя.
«Ведаю, што ты і сам у гэтым зацікаўлены. Для мяне вельмі цікавы такі варыянт. Вайскоўцы ў дастаткова маладым узросьце заканчваюць службу (і армейцы, і ўнутраныя войскі, і іншыя), і адседжвацца дома – гэта неяк не для іх. Я перакананы, што вайсковыя людзі справяцца і з цывільнай працай», – сказаў Лукашэнка пры прызначэньні Бурмістрава.
Лукашэнка заявіў, што Наваполацк – няпросты рэгіён. «Я вельмі чакаю, што вы ўвойдзеце ў курс справы і возьмеце пад кантроль усё, што датычыцца функцыянаваньня прадпрыемства і людзей, і я буду чуць толькі добрае пра вашу працу. Але абавязкова наведаю Наваполацк, пагляджу на гэты варыянт кадравага прызначэньня», – дадаў ён.
Яўген Каваленка да гэтага прызначэньня працаваў начальнікам галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Сяргей Масьляк ачольваў адміністрацыю Заводзкага раёну Менску, а Алена Маргунова працавала першай намесьніцай старшыні Дзяржкамітэту стандартызацыі.