Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі патлумачылі, чаму зноў павялічыліся чэргі на мяжы зь Беларусьсю


Грузавікі на літоўскім пункце пропуску «Меднікі». Архіўнае фота
Грузавікі на літоўскім пункце пропуску «Меднікі». Архіўнае фота

З 1 сакавіка на памежны пункт у Салечніках каля 90 разоў выклікалі паліцыянтаў, а на пункт у Медніках — 53.

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі пра павелічэньне чэргаў на мяжы зь Беларусьсю — выезду на беларускую тэрыторыю на двух дзейных літоўскіх памежных пунктах 22 красавіка чакалі 1710 грузавых аўтамабіляў і 410 легкавых.

«Мытнікі вельмі пільна правяраюць усе грузавікі, скануюць, плюс дакумэнты і ўсе іншае. І гэтая праверка займае столькі часу, колькі патрэбна, і гэта даволі доўга. Памежнікі правяраюць гэтыя дакумэнты за пару хвілін, у мытнікаў працэдуры, вядома, больш працяглыя», — сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс у інтэрвію літоўскаму выданьню BNS.

Паводле яго, павелічэньне патоку зьвязана з узмацненьнем мытнага кантролю празь міжнародныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, а таксама зь Вялікаднем, які сёлета частка праваслаўных адзначае 5 траўня.

«Цяжка разьлічваць, што будзе лепш, калі засталіся толькі два памежныя пункты, якія прапускаюць аўтамабілі», — дадаў генэральны сакратар Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Вітаўтас Міленас. Ён зьвязвае павелічэньне чэргаў з праблемамі на мяжы Беларусі з Латвіяй і Польшчай, дзе засталося дзейных толькі па адным пункце пропуску.

Прадстаўніца паліцыі Віленскага павету Юлія Самаракоўская паведаміла, што з 1 сакавіка на памежны пункт у Салечніках каля 90 разоў выклікалі паліцыянтаў, а на Меднікі — 53. Паводле яе, каля траціны зваротаў былі зьвязаныя з канфліктамі паміж кіроўцамі, калі яны намагаліся хутчэй аб’ехаць чаргу з парушэньнем правілаў дарожнага руху з выездам на сустрэчную паласу.

Што кажуць беларускія памежнікі

На афіцыйным сайце Памежнага камітэту Беларусі паведамляюць, што выезду на літоўскую тэрыторыю чакаюць 1240 грузавікоў на двух пунктах пропуску і 100 легкавых аўтамабіляў.

У бок Польшчы ў чарзе на выезд зь Беларусі стаяць 500 грузавікоў і 280 легкавых аўтамабіляў, а ў бок Латвіі — 720 грузавікоў.

  • 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Пасьля вынясеньня палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў зьняволеньня) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
  • 19 верасьня 2023 года праз узрослую плынь нерэгулярных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).
XS
SM
MD
LG