Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Два з паловай гады на паўзе». Блогерка Дар’я Афанасьева пра зьняволеньне ў гомельскай калёніі


Дар'я Афанасьева ў сваёй турэмнай сукенцы
Дар'я Афанасьева ў сваёй турэмнай сукенцы

Афанасьеву асудзілі за здымак са жнівеньскага маршу пратэсту 2020 году. Яна вызвалілася сёлета 30 сакавіка.

Па зьвестках «Вясны», за 2020-2023 гады ня менш за 505 жанчын прыцягнулі да адказнасьці паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу за ўдзел у маршах пратэсту. Ня менш за 151 жанчыну асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады. Большасьць зь іх адбывалі ці адбываюць пакараньне ў гомельскай калёніі. Частка трапляе ў Рэчыцу, дзе трымаюць жанчын-рэцыдівістак, а ўмовы больш строгія.

У зьняволеньні зараз знаходзяцца як 20-гадовая Аніта Бакуновіч і 22-гадовая Данута Перадня, так і жанчыны больш сталага і пажылога ўзросту — 75-гадовая Наталья Таран, 60-гадовая Любоў Разановіч (атрымала прысуд — 15 гадоў калёніі), 63-гадовая Галіна Дзербыш (20 гадоў калёніі), 69-гадовая Ірына Мельхер (17 гадоў калёніі).

Дазвол на спартыўную залю

Дар’я Афанасьева — актывістка і фэмблогерка, вядомая як «Дафна». У Instagram дзяўчына вяла асьветніцкую працу, апавядала пра сэксызм і фэмінізм. У яе было каля 10 тысяч падпісчыкаў. Да затрыманьня Дарʼя працавала мэнэджаркай у разьвіцьці пэрсаналу.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Дар’ю 27 сьнежня 2021 году. За здымак з маршу Дар’я атрымала 2,5 года зьняволеньня. Вызвалілася яна 30 сакавіка 2024-га.

«Такую дату пішуць журналісты і праваабаронцы. Для мяне ж вызваленьне — 28 сьнежня 2021-га. Бо за гэтыя два з паловай гады ў маім жыцьці не было зьменаў, разьвіцьця. Проста жыцьцё стаяла на паўзе», — кажа былая зьняволеная.

Дар'я Афанасьева, фота з архіву гераіні
Дар'я Афанасьева, фота з архіву гераіні

Размову пачынае з навінаў ад «палітычных» жанчын. Дар’я кажа, што пра Марыю Калесьнікаву навінаў так і няма. Яна ў адзіночнай камэры ПКТ ужо больш за год. Жанчыны, якія адносна нядаўна траплялі ў ШЫЗА, разьмешчанае ў адным з ПКТ будынку, заўважылі, што цяпер Марыю і не чуваць. Раней яна падавала голас — калі давала справаздачу кантралёрам, сьпявала ці прасіла таблеткі ад ціску. Цяпер — цішыня.

«Адзінае, што мы ведаем пра Марыю, што 28 сакавіка да яе выклікалі мэдыкаў. Гэта адзіная навіна», — кажа Дар’я.

Пераменай да лепшага яна называе тое, што зьняволеным жанчынам з 9 атраду нарэшце дазволілі наведваць спартыўную залю. Раней рабіць гэта было нельга. Па словах суразмоўцы, усе зьняволеныя жаночай калёніі трымаюцца як могуць. Выжываюць, ратуюць сябе рознымі спосабамі, падтрымліваюць адна адну.

«Мы знаходзілі ратунак у танцах, жартах, кнігах. З захапленьнем слухалі лекцыі пра мастацтва ад Аксаны Зарэцкай, яна ўжо адбыла свой тэрмін. Кожны ратуецца як можа», — кажа Дар’я Афанасьева.

Турэмная сукенка Дар'і Афанасьевай і яе «жоўтая бірка», якую даюць «палітычным»
Турэмная сукенка Дар'і Афанасьевай і яе «жоўтая бірка», якую даюць «палітычным»

Па яе словах, журналістка Кацярына Андрэева мае праблемы са здароўем, нядаўна яна перажыла запаленьне лёгкіх, таксама пакутуе ад алергіі, кашляе (Раней гэтую інфармацыю апублічыў муж Кацярыны. — РС).

«Яна ратуецца кнігамі, піша вершы. Здаецца, яна ачулася ўжо, бо пачуць чарговы вырак у 8 гадоў калёніі... Тады яна адчувала сябе жахліва», — кажа Афанасьева.

Кантроль за адзеньнем, думкамі і словамі

Па словах былой зьняволенай, за кратамі для яе самым цяжкім было тое, што яна не магла кантраляваць сваё жыцьцё, самастойна прымаць рашэньні. Нават такія, што тычыліся паходу ў прыбіральню або таго, што сёньня апрануць.

«Тваё жыцьцё не належыць табе. Ранкам праз гукаўзмацняльнік кажуць, якая сёньня форма адзеньня — ці ружовая ў кветкі сукенка, ці касьцюм і целагрэйка. Адзіны твой выбар — надзець цёплыя ці халодныя легінсы. За цябе вырашаюць, калі ты будзеш мыць валасы. Няважна, чыстыя яны ці брудныя. Ты сто разоў падумаеш перад тым, каб нешта сказаць. Кантралюеш свае думкі, словы, учынкі», — пералічвае абмежаваньні Дар’я Афанасьева.

Былая палітзьняволеная кажа, што на фабрыцы жанчыны занятыя цяжкай працай. Пасьля яе выграбаюць ваду з лужынаў ці цягаюць сьнег. Ад такіх умоваў у многіх пачынаюцца хваробы ці абвастраюцца старыя балячкі. У самой Дар’і абвастрылася астма — ад працы на шкоднай вытворчасьці.

«Што ў мяне зьмянілася за гэтыя гады? Я не разьвівалася. Кніг там быў вельмі абмежаваны выбар. Я не магла гаварыць і рабіць так, як я хачу», — кажа суразмоўца.

Вызваленьне без палёгкі

Пасьля вызваленьня Дар’я мусіла стаць на ўлік, хадзіць адзначацца ў міліцыю. Сілавікі маглі ў любы момант дня і ночы зайсьці да Афанасьевай дахаты, праверыць яе тэлефон.

«Ты нібыта і ня выйшаў з турмы. Баісься, што затрымаюць перад выбарамі, перад Днём Волі, ды наагул калі толькі захочуць. Я не магла больш марнаваць сваё жыцьцё на пачуцьцё страху і адсутнасьці бясьпекі, спакою», — кажа былая зьняволеная.

Прызнаецца, што не хацела, але мусіла ехаць зь Беларусі. На момант яе вызваленьня за мяжой было ўжо ўсё бліжэйшае атачэньне. Дар’я кажа, што для яе Менск стаў пустым горадам. Расказвае, што аднойчы пайшла ў забаўляльную ўстанову, але не змагла там нават выпіць шклянку чаго-небудзь.

«„А як там цяпер дзяўчаты? Ім жа а шостай на фабрыку“, — думала я. Адпала жаданьне забаўляцца. З такімі думкамі пра жанчын, якія засталіся за кратамі, цяжка жыць. Я выйшла ня тым чалавекам, якім была раней. Я была раней вельмі сяброўскай. Цяпер жа, па вызваленьні, не кідалася ў камунікацыі, ляжала два тыдні на канапе і глядзела ў сьцяну», — дзеліцца суразмоўца.

Афанасьева прызнаецца, што цяпер у Варшаве яна таксама пакуль ня мае сілаў на актыўнае жыцьцё.

«Адзінае, на што пакуль маю сілы — расказваць, нагадваць пра тое, што ў Беларусі нічога не зьмянілася, што жанчыны пакутуюць у турмах. І калі мы тут п’ём латэ на какосавым малацэ, яны батрачаць на фабрыцы, грабуць лужыны ці цягаюць сьнег. Працягваюць выжываць. Я хачу, каб людзі памяталі пра гэта», — дадае былая зьняволеная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG