Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі з Харкава заклікаў Байдэна і Сі прыехаць на «саміт міру». Удзел у ім ужо пацьвердзілі каля 80 краінаў


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 26 траўня апублікаваў відэазварот да лідэраў краінаў сьвету, у якім заклікаў іх прыехаць на чэрвеньскую канфэрэнцыю па Ўкраіне ў Швайцарыі. Зварот запісаны ў Харкаве, у зруйнаваным расейскім ударам памяшканьні друкарні, у якой выходзілі кнігі Алексіевіч.

На фоне кадраў са згарэлымі і разбуранымі ў выніку абстрэлаў Харкава будынкамі Ўладзімір Зяленскі сьцьвярджае: «Для іх гэтае задавальненьне — спальваць. Мы ўсе ведаем, з кім маем справу. Расеяй кіруюць людзі, якія хочуць зрабіць нормай спальваць жыцьці, разбураць гарады і вёскі».

Зяленскі кажа, што знаходзіцца ў Харкаве, які Расея абстрэльвае «штодзень і штоноч», галоўным чынам ракетамі С-300 і кіраванымі авіябомбамі. «Гэтая зброя невыбіральнага паражэньня. І любы чалавек у любым горадзе сьвету — ад Сан-Паўлу да Харбіна — успрымае гэта аднолькава — як тэрор», — кажа ён. Згаданыя Зяленскім гарады знаходзяцца ў Бразыліі і Кітаі, краінах, якія пакуль не пацьвердзілі свайго ўдзелу ў канфэрэнцыі.

Паводле Зяленскага, Расея раней неаднойчы ўводзіла Ўкраіну ў зман, рыхтуючыся да шырокамаштабнага ўварваньня. «І менавіта таму патрэбныя глябальныя намаганьні — саміт міру з удзелам лідэраў, якіх Расеі не падмануць», — заявіў Зяленскі. На ягоную думку, канфэрэнцыя ў Швайцарыі «пакажа, хто ў сьвеце сапраўды хоча завяршыць вайну, а ня проста заявіць аб спыненьні агню», якое будзе парушанае Расеяй.

Паводле Зяленскага, ужо каля 80 краін пацьвердзілі сваю прысутнасьць на саміце міру ў Швайцарыі 15-16 чэрвеня. Ён заклікаў тых лідараў, якія яшчэ не прынялі рашэньня аб удзеле, прыехаць у Швайцарыю. Асабіста Зяленскі зьвярнуўся да двух зь іх — прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

  • Міжнародная канфэрэнцыя ў Швайцарыі заплянаваная на 15-16 чэрвеня пасьля саміту «Групы сямі» ў Італіі.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, прапусьціць сустрэчу па Ўкраіне ў Швайцарыі праз мерапрыемства па зборы сродкаў на ягоную далейшую выбарчую кампанію, піша Bloomberg. У віцэ-прэзыдэнта ЗША Камалы Харыс таксама няма плянаў наведваць саміт, кажуць крыніцы Bloomberg.
  • Улады КНР пакуль не паведамлялі, ці наведае сустрэчу ў Швайцарыі прадстаўнік Кітаю. 23 траўня Кітай і Бразылія ў сумеснай заяве заклікалі да мірных перамоваў па Ўкраіне з удзелам як Кіева, так і Масквы.
  • Агулам Швайцарыя запрасіла больш за 160 краінаў і міжнародных арганізацыяў, Расеі і Беларусі сярод запрошаных няма. Як раней растлумачыў Уладзімір Зяленскі, Украіна ня хоча, каб Масква сарвала працэс. Расейскіх прадстаўнікоў, паводле яго, прыцягнуць праз пасярэднікаў ужо на наступным этапе.
  • Масква заявіла, што не прыняла б удзелу ў сустрэчы ў Швайцарыі, нават калі б яе запрасілі. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсьліваў, што Расея не гатовая абмяркоўваць украінскую «формулу міру», адзін з галоўных пунктаў якой — вывад расейскіх войскаў з усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG