Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook
Наша Ніва
28.4K subscribers
56.8K photos
8.91K videos
2 files
42.2K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nn_editor

Заданаціць нам можна тут: patreon.com/nashaniva

Глядзіце кожны дзень ВІДЭАнавіны тут: youtube.com/@NashaNivaNews
Download Telegram
У Магілёве на месцы сінагогі можа з’явіцца рэстаран

Дзесяць гадоў таму будынак ледзь не развальваўся, цяпер радуе вока. У першай палове дзясятых ўлады Магілёва вырашылі добраўпарадкаваць раён Падміколле і стварыць тут вялікі гарадскі парк.

Побач знаходзіліся два дарэвалюцыйныя цагляныя будынкі па вуліцы Вялікая Грамадзянская.

Аднаму будынку не пашанцавала. Ён доўгія гады стаяў пустым, ва ўладаў не было грошай, інвестараў таксама не назіралася. У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будынак не ўнеслі.

У выніку ў 2016-м яго знеслі. Будынак былой сінагогі зацікавіў інвестара, які вырашыў адкрыць у ім рэстаран. Над рэстаўрацыяй працавалі спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Рэстаран плануюць адкрыць у наступным годзе.
«Заклікі да захопу ўлады і змова». Стала вядома, у чым вінавацяць палітолага Валерыю Касцюгову — ёй пагражае да 12 гадоў

30 чэрвеня сілавікі прыйшлі па экспертку Валерыю Касцюгову. Быў ператрус, пасля Касцюгову змясцілі на Акрэсціна, затым — Валадарка. І ўвесь гэты час не было інфармацыі, па якой справе праходзіць экспертка. Нарэшце, стала вядома: Касцюгову вінавацяць у закліках і змове па захопу ўлады.

Тое ж абвінавачванне і ў эксперткі Таццяны Кузінай, якую затрымалі ў мінскім аэрапорце 29 чэрвеня. Па гэтых жа артыкулах праходзяць Марыя Калеснікава, «змоўшчыкі» Фядута і Зянковіч.

«Наша Ніва» разбірала разам з юрыстам сутнасць прад’яўленых абвінавачванняў на прыкладзе сітуацыі з Кузінай.
Швед: Сабраныя новыя пацверджанні таму, што бел-чырвона-белая сімволіка выкарыстоўвалася падчас вайны карнымі батальёнамі як абавязковы элемент уніформы

Пра гэта генпракурор Андрэй Швед заявіў сёння журналістам.

«Мы завяршаем падрыхтоўку матэрыялаў для звароту ў Вярхоўны суд з мэтай прызнання гэтага палатна экстрэмісцкай сімволікай», — сказаў ён.

Што гэта за «новыя пацверджанні», чым яны абгрунтаваныя, Швед не агучыў.
Паглядзіце, у якіх умовах трымаюць вязняў у цэнтры Еўропы

На электронную пошту праваабарончага цэнтра «Вясна» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
‼️ Крыніцы: дыспетчар, які садзіў самалёт з Пратасевічам, з’ехаў разам з сям’ёй

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад некалькіх дыспетчараў «Белаэранавігацыі», разам з сям’ёй з Беларусі з’ехаў дыспетчар, які меркавана вёў перамовы з пілотам Ryanair рэйса Афіны-Вільня, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч.

Дыспетчар Алег Галегаў жыў у Мінску разам з сям’ёй, цягам некалькіх дзён нам не ўдалося дазваніцца да яго па хатнім тэлефоне. У «Белаэранавігацыі» ён працаваў як мінімум з 2010 года. На пачатку ліпеня павінен быў пасля адпачынку выйсці на змену, яго прозвішча стаяла ў раскладзе дзяжурстваў, але калегі яго так і не ўбачылі.

«Асабіста я не бачыў Алега даўно, — кажа НН яго калега. — Ходзяць чуткі, што ён знік. Калегі не могуць з ім звязацца і хвалюцца: да яго немагчыма дазваніцца, ён павыдаляў свае сацыяльныя сеткі. Начальства афіцыйна нічога нам не даводзіла. Але я асабліва праз яго не пераймаюся, бо думаю, ён проста перастрахаваўся і з’ехаў. Спецыяліст ён класны, работу знойдзе без праблем у любой краіне. Голас на апублікаваным запісе з інцыдэнтам Ryanair ягоны».

Гэтую інфармацыю нам пракаментавалі ў самой «Белаэранавігацыі». Намеснік гендырэктара Іван Герлоўскі спачатку сказаў, што Галегаў з чэрвеня ў адпачынку, і ён нічога не ведае пра яго знікненне ці звальненне. Пасля пытання, чаму ў арганізацыі такія доўгія адпачынкі, Герлоўскі ўдакладніў:

— Так, мы, калі шчыра казаць, званілі, пыталіся, дзе ён знаходзіцца, як ён там [неразборліва].
— Вы яму званілі?
— Ну званілі дзе ён жыве, у цешчы... Гэтым аддзел кадраў займаўся.

Алег Галегаў — этнічны грузін. Ён пераехаў у Беларусь ужо ў свядомым узросце, пазнаёміўся з беларускай Ганнай, якая была ў ягоных краях у камандзіроўцы.

«Думаю, ён з’ехаў да сваякоў у Грузію», — сказаў НН яшчэ адзін калега дыспетчара.

Мы спрабавалі звязацца з Алегам і яго жонкай, але мабільны не адказвае, сацыяльныя сеткі вычышчаны. Ёсць толькі інстаграм, дзе цалкам зменены нікнэйм, выдалены амаль усе фаловеры, а ў закрытага профілю няма заставачнага фота. Аналагічная сітуацыя з жонкай: толькі нядаўна атрымаўшы новыя сертыфікаты гештальт-тэрапеўта (прафесія, якая звычайна прадугледжвае актыўную прысутнасць у сацсетках), яна закрыла ўсе свае профілі. «Наша Ніва» адправіла паведамленне Ганне Галегавай, але адказу пакуль няма.
«Ягор Марціновіч быў душой нашай камеры». Журналіст Ігар Ільяш выйшаў з Акрэсціна і распавёў пра затрыманне, ўмовы ў зняволенні і захоп свайго канала сілавікамі

Журналіст «Белсата» Ігар Ільяш выйшаў на волю 26 ліпеня пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ён застаецца фігурантам крымінальнай справы па артыкулу 342 КК. У зняволенні Ігар сядзеў у адной камеры разам з галоўрэдам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.

Чытайце па спасылцы: https://bit.ly/3iQJ6SS
Каля вёскі Ельніца пад Мінскам гарыць поле з травой. На сайце МНС падрабязнасцяў здарэння пакуль што няма, але ратавальнікі працуюць.
Юлію Чарняўскую пакінулі пад хатнім арыштам па «справе Tut.by»

Следства не змяніла меру стрымання ўдаве Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яна і далей будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам па «справе Tut.by». Пра гэта паведаміла Zerkalo.io яе адвакат.

Сілавікі прыйшлі да Юліі 18 мая, на наступны дзень пасля першай гадавіны са дня смерці яе мужа, заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. У той дзень у яе здарыўся гіпертанічны крыз, яе даставілі ў бальніцу, дзе ёй аказалі медыцынскую дапамогу.
Генпракурор: страты Беларусі ад вайны — 500 млрд даляраў. Колькі сапраўды?

Па даных дзяржаўнага сайта «Архівы Беларусі», прамы матэрыяльны ўрон ад акупацыі складаў 75 млрд рублёў (у цэнах 1941 года). У 1937 годзе ў СССР сталі налічваць кошт рубля на базе даляра. Да 1950 года існаваў фіксаваны курс – 5,3 рубля за 1 даляр. Атрымліваецца, кошт стратаў складаў каля 14 млрд даляраў.

Гэта велізарная сума. Яна ў 35 разоў перавышала даваенны бюджэт рэспублікі. Беларуская эканоміка была адкінутая на ўзровень 1913 года. Але Швед кажа, што гаворка ідзе пра цяперашнія цэны. Як іх суаднесці?

НН звярнулася да Кацярыны Барнуковай, акадэмічнага дырэктара BEROC. Яна адзначыла, што на сайце Бюро статыстыкі працы ЗША ёсць даныя толькі з 1947 года. 75 мільярдаў савецкіх рублёў па курсе 5.3 складаюць, калі акругліць, 14 млрд даляраў (амаль столькі ж, што і ў 1941-м).

Калі перавесці суму даляраў 1947 года ў 2021-ы, атрымліваецца 172,8 млрд даляраў. Гэта амаль ў тры разы менш за суму, якую назваў Швед. Па яго словах, 500 млрд даляраў — мінімальны ўрон, які налічылі сілавікі, сыходзячы з архіўных матэрыялаў.

Нагадаем, пагадненне па рэпарацыях было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі.
Учора Святлана Ціханоўская наведала беларускую царкву ў Брукліне, дзе сустрэлася з беларусамі і выступіла з прамовай.

«Беларусамі захапляюцца ўсе народы, лісты лідараў пратэсту цытуюць міжнародныя медыя, а свежы нумар часопіса «Наша гісторыя» знаходзіцца ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША. І ў гэты ж час аўтары гэтых лістоў, часопісаў і медыя знаходзяцца ў турме. Вось чаму я прашу вас працягваць падтрымліваць Беларусь», — сказала палітык.
Куды зніклі эфіры «Радыё-97»?

Папулярны ютуб-канал не абнаўляецца амаль месяц. Што за гэтым стаіць? Заснавальнік Макс Морысан тлумачыць, што праблемы звязаныя з тым, што ён перабраўся ў Вільню ў іншае жытло, адкуль няма тэхнічнай магчымасці весці стрымы.

«Я рыхтую матэрыял пра літоўска-беларускую мяжу, дзе працягвае адзіночны пікет Сяргей «Космас». Планую пару рэпартажаў яшчэ. Пакуль праца заключаецца якраз у гэтым. Планую ўзнавіць эфіры ў жніўні», — кажа ён.

«Радыё-97» паўстала ў другой палове 2020 года. Яго вядучым спачатку быў Макс Морысан, а потым далучыўся Віталь «Вірус» Кандраценка. Яны пачыналі ў фармаце радыё, а потым перайшлі ў ютуб. У штодзённых вечаровых стрымах вядучыя запрашалі розных гасцей, з якімі абмяркоўвалі актуальныя палітычныя падзеі. «Радыё-97» працавала з Украіны, Польшчы, апошнім часам — з Літвы. Агулам «Радыё-97» мае больш за 40 тысяч падпісчыкаў, асобныя стрымы збіралі больш за 200 тысяч праглядаў.

У праекце ўдзельнічаў таксама неадназначны расійскі блогер Яўген Бычкоўскі. У маі праз канфлікт з Бычкоўскім «Радыё-97» пакінуў «Вірус», а ўжо напрыканцы чэрвеня непаразуменні з Бычкоўскім адбыліся і ў Морысана. Цяпер апошні займаецца каналам сам.