Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць удзелу ў вайне, але ня моцна супраць Расеі, — вынікі апытаньня


Мяжа Беларусі і Расеі
Мяжа Беларусі і Расеі

Так коратка можна апісаць вынікі апытаньня, праведзенага ў Беларусі ў сакавіку гэтага году пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага.

Гэта было рэпрэзэнтатыўнае тэлефоннае апытаньне 1000 рэспандэнтаў, гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці 3%.

Паводле дадзеных апытаньня, беларусы вельмі нэгатыўна ставяцца да ўцягваньня сваёй краіны ў вайну: дзьве траціны апытаных выказаліся супраць выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі расейскімі войскамі для нанясеньня ўдараў па Украіне, пераважная большасьць (86%) рэспандэнтаў — супраць удзелу беларускай арміі ў збройным канфлікце на баку Расеі, і толькі 11% — за такі ўдзел.

Раней былі агучаныя дадзеныя сакавіцкага апытаньня Chatham House, паводле якіх за прамы ўдзел Беларусі ў баявых дзеяньнях на баку РФ выказваліся толькі 3% апытаных.

Але Chatham House апытваў толькі гараджан і прычым онлайн, апытаньне каманды прафэсара Вардамацкага прадстаўляе ўсё насельніцтва, у тым ліку і жыхароў вёскі, і неінтэрнэтызаваных гараджанаў. Адсюль і адрозьненьне ў выніках.

Наўпроставы ўдзел Беларусі ў гэтай вайне і адносіны да яе як такой аказаліся для беларускай грамадзкай думкі рознымі сюжэтамі. Для расейцаў гэтага адрозьненьня няма, іх стаўленьне да гэтай вайны — гэта стаўленьне да вайны, якую вядзе іх краіна. Для беларусаў сытуацыя крыху іншая.

На пытаньне аб віне ў вайне толькі 24% апытаных беларусаў ускладалі віну на Расею. Гэта быў адносна самы распаўсюджаны адказ. Але нямала зьбіралі і іншыя варыянты адказу: 20% — ЗША, 18% — Украіна, 12% — NATO, 2% — ЭЗ. У суме на заходнія дзяржавы і інстытуты і Ўкраіну ўскладалі віну за вайну 52% апытаных беларусаў.

Зрэшты, рэакцыя, стаўленьне да пэўнай ступені залежыць ад фармулёўкі пытаньня. У адказах на пытаньне аб ацэнцы дзеяньняў Расеі ў вайне доля станоўчых адзнак зьніжаецца да 43%, доля адмоўных — вырастае ўдвая, да 50%, у параўнаньні з ацэнкамі віны.

Варта адзначыць, што апытаньне праводзілася ў сакавіку, да таго як стала вядома аб трагедыі Бучы.

Апошнюю лічбу варта супаставіць з вынікамі апытаньняў у Расеі аб стаўленьні да вайны. Там як незалежныя, гэтак і афіліяваныя з уладамі дасьледчыя цэнтры выявілі долю падтрымкі вайны ў раёне 70–80%.

У 2014 годзе Андрэй Вардамацкі ўвёў паняцьце «зазору» паміж узроўнямі падтрымкі далучэньня Крыму да РФ у Расеі і ў Беларусі. У Расеі гэты ўзровень тады складаў пад 90%, у Беларусі — дзьве траціны апытаных, розьніца ў 25-30 адсоткавых пунктаў. Тады стаўленьне ўкраінцаў да далучэньня Крыму да РФ было люстэркава супрацьлеглае стаўленьню расейцаў, а стаўленьне беларусаў — з «зазорам» у параўнаньні з расейскім стаўленьнем. Цяпер гэты «зазор» крыху павялічыўся, але ўсё роўна стаўленьне беларусаў да вайны далёкае ад стаўленьня ўкраінцаў, якія не падтрымліваюць ваенныя дзеяньні Расеі практычна пагалоўна.

Дарэчы, падобны ж «зазор» назіраўся ў апытаньнях, якія праводзіліся з 2014 году, у адносінах расейцаў і беларусаў да падзеяў на Данбасе. І пры гэтым, як і зараз, пры дастаткова высокай падтрымцы беларусамі расейскай пазыцыі ў гэтым пытаньні, пераважная большасьць беларусаў была катэгарычна супраць таго, каб іх суайчыньнікі ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе на любым баку.

Падобны «зазор», хоць і меншы па памерах, назіраўся ў сакавіцкім 2022 году апытаньні Вардамацкага і ў адказах на пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР». Расейскае прызнаньне ўхваліла палова апытаных, гіпатэтычнае прызнаньне з боку Беларусі — 40% (44% — не ўхвалілі).

У гэтым апытаньні 45% заявілі, што спачуваюць у цяперашнім канфлікце Ўкраіне, 21% — Расеі, 23% — і тым, і другім. Зрэшты, у расейскім апытаньні «Хотят ли русские войны» высьветлілася, што і ў Расеі самае распаўсюджанае стаўленьне да ўкраінцаў у гэтым канфлікце — гэта... спачуваньне. Прычым ня толькі з боку праціўнікаў вайны, але і з боку прыхільнікаў: маўляў, спачуваем, але так атрымалася, Расея ж ваюе толькі з «нацыстамі».

Рэзка нэгатыўнае стаўленьне да магчымага ўдзелу Беларусі ў вайне і да выкарыстаньня тэрыторыі краіны для яе вядзеньня не трансфармавалася ў зьніжэньне прарасейскіх установак. Па пытаньні аб геапалітычным выбары Беларусі паміж саюзам з Расеяй і ўступленьнем у ЭЗ нязначна — прыкладна на 3 адсоткавыя пункты — вырасьлі долі прыхільнікаў як прарасейскага (46%), так і праэўрапейскага (27%) выбару.

Паколькі гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці не перавышала памераў гэтых зьменаў, гэта азначае фактычную нязьменнасьць паказчыкаў.

Падчас прэзэнтацыі прафэсар Вардамацкі выказаў меркаваньне, што далейшая дынаміка гэтых паказчыкаў можа быць рознай, і абмаляваў тры сцэнары: палярызацыя (істотны рост доляў прыхільнікаў як прарасейскага, гэтак і праэўрапейскага выбару), парцыяльны адкол (той жа працэс, але ў нязначных памерах) і адыход ад Расеі без аналягічнага прыходу да Эўропы.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што беларусы аднадушна выступаюць супраць як удзелу сваёй краіны ў вайне, гэтак і выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Украіны. Аднак гэта не трансфармуецца ў гэтак жа аднадушна адмоўнае стаўленьне да расейскіх дзеяньняў ва Ўкраіне і да самой Расеі. Стаўленьне да гэтай вайны самой па сабе дзеліць беларускае грамадзтва прыкладна напалову.

І гэтым беларусы адрозьніваюцца як ад расейцаў, так і ад украінцаў. Першыя вялікай большасьцю падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна ў гэтай вайне, другія пераважнай большасьцю асуджаюць.

А беларусы — паміж тымі і другімі. Пры гэтым значная частка тых, хто падтрымлівае Расею ў вайне, супраць удзелу ў ёй сваёй краіны.

А геапалітычныя перавагі засталіся на тым самым узроўні. Магчыма, гэтая нязьменнасьць тлумачыцца пэўнай інэрцыяй грамадзкай думкі: імпульс, спароджаны вайной і выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі для яе, не дайшоў да каштоўнаснага ўзроўню, які вызначае геапалітычны выбар. Як паказвае яго дынаміка ў апытаньнях прафэсара Вардамацкага (гл. графік вышэй), у 2020 годзе прарасейскія перавагі падалі вельмі моцна. Але тады гэта было абумоўлена пазыцыяй Крамля ў адносінах да пратэстаў у Беларусі, і тады гэта тычылася беларусаў наўпрост. А вайна, у тым ліку і выкарыстаньне беларускай тэрыторыі для яе вядзеньня, — ускосна.

Гэтая ўскоснасьць адбілася і ў адказах на пытаньне, ці зьяўляецца Беларусь удзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. 32% апытаных адказалі «так», 63% — «не». Так бы мовіць, мы «ў дамку», гэта ня наша вайна.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG