Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка супярэчыць расейскай вэрсіі тэракту. Тлумачэньне Арцёма Шрайбмана


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, каляж
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, каляж

Сёньня Аляксандар Лукашэнка расказаў сваю вэрсію ўдзелу беларускіх спэцслужбаў у затрыманьні меркаваных выканаўцаў тэракту ў Падмаскоўі. Раней пра гэта казаў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты.

Заявы Крутога і Лукашэнкі мы папрасілі пракамэнтаваць палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана.

— Як стасуюцца расейская і беларуская афіцыйныя вэрсіі тэракту ў Падмаскоўі? Расейская прапаганда і афіцыйныя асобы кажуць, што тэракт арганізавала Ўкраіна, украінскія ўлады. Адзін зь нешматлікіх аргумэнтаў за гэтую вэрсію, які прыводзіцца, — падазраваныя з Падмаскоўя паехалі ў бок Украіны, дзе іх і перахапілі. Тлумачыцца, што для іх там нібыта было падрыхтаванае «вакно» на мяжы. Але неўзабаве пасьля тэракту амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты заявіў, што беларускія спэцслужбы «дапамагалі Расеі выканаць задачу ня даць сысьці тэрарыстам празь мяжу».

26 сакавіка Аляксандар Лукашэнка разьвіў вэрсію амбасадара Крутога: «Яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсьці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы». Але выглядае, што заявы і Крутога, і Лукашэнкі дэзавуююць расейскую вэрсію пра сплянаваны шлях адыходу ва Ўкраіну?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

— Так, гэтыя заявы вельмі супярэчаць таму, што кажа Расея, таму што любое прыцягненьне сюды Ўкраіны азначае, што трэба прыдумаць сцэнар, у якім шлях адыходу быў сапраўды загадзя падрыхтаваны. Гэта значыць, ня мог умоўны Буданаў (кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны. — РС) плянаваць тэракт, каб часткай гэтага пляну быў адыход гэтых таджыцкіх тэрарыстаў у Беларусь. Калі б першапачатковым шляхам адыходу павінна была стаць Украіна, тады Беларусь тут увогуле ні пры чым. І таму гэта прамая супярэчнасьць.

Пуцін і іншыя расейскія дзяржаўныя службоўцы ўсё больш і больш спрабуюць прасоўваць «украінскі сьлед» у гэтым тэракце. Чым даўжэй яны будуць пра гэта гаварыць, тым больш будзе выяўляцца гэтая супярэчнасьць. Лукашэнку зараз трэба маліцца, каб Пуціна ніхто не спытаў: а што там Аляксандар Рыгоравіч расказвае, што гэта ён разьвярнуў тэрарыстаў?

Я думаю, што з Лукашэнкам злы жарт гуляе яго даўняя, шматгадовая, можна нават сказаць, вечная звычка перабольшваць свой удзел у разнастайных справах з Масквой. І гэта пачалося нават не тады, калі ён, паводле ягонага расказу, спыніў калёны «Вагнэра», якія ішлі на Маскву. Гэта пачалося яшчэ тады, калі я пад стол хадзіў пешкі.

Лукашэнка яшчэ ў 90-я расказваў, як ён з Гарбачовым перабудову абмяркоўваў, як зь Яўлінскім спрачаўся наконт плянаў рэфармаваньня СССР. Яму вельмі падабаецца пазыцыянаваць сябе як чалавека, зь якім Масква раіцца, зь якім Масква разам нешта робіць, у якога пытаюцца меркаваньня, зь якім ладзяць сумесныя апэрацыі спэцслужбаў. Маўляў, бяз нашых не ўзялі б злачынцаў.

Якім чынам гэтыя таджыкі ў Бранскай вобласьці дыстанцыйна ўбачылі перакрытую беларускую мяжу — для мяне таксама загадка. З Лукашэнкам злы жарт гуляе ягонае савецкае местачковае жаданьне прызнаньня ў цэнтры мэтраполіі. Мы тут як бы маленькія, але з намі там у Маскве раяцца. Сама Масква бяз нас не змагла б гэта ўсё зрабіць.

І гэта адбываецца ня першы раз. Гэта яго адвечны стыль, і ён гэта робіць чарговы раз на шкоду сабе. З тым жа «Вагнэрам» было відавочнае перацягваньне коўдры на сябе, калі нават некаторыя расейскія сьпікеры давалі яму зразумець: дзякуй, вядома, Аляксандру Рыгоравічу, але насамрэч мы самі пра ўсё дамовіліся.

XS
SM
MD
LG