Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве скандал напярэдадні выбараў. Прэзыдэнта Наўседу абвінавацілі ў парушэньні прысягі і сувязях зь беларускім бізнэсам


Гітанас Наўседа. Архіўнае фота
Гітанас Наўседа. Архіўнае фота

Пасяджэньні часовай сьледчай камісіі Сейму Літвы праходзілі два разы на тыдзень, і часта — у закрытым рэжыме.

Часовая сьледчая камісія, якую стварылі ў Сейме Літвы ў кастрычніку 2023 году для расьсьледаваньня імавернага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў 2019 годзе, а таксама «незаконнага ўплыву» на выведку і пры ўвядзеньні санкцый супраць Беларусі, абнародавала вынікі сваёй працы.

У прыватнасьці, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс дапамагаў тагачаснаму кандыдату ў прэзыдэнты Гітанасу Наўседу незаконна зьбіраць інфармацыю пра атачэньне апошняга, у тым ліку пра чальцоў ягонай каманды і выбарчага штабу.

Паводле камісіі, у атачэньні Гітанаса Наўседы знайшлі некалькі дзясяткаў асобаў, якія ўяўляюць пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі празь цяперашнія або ранейшыя сувязі зь людзьмі, якія кантактуюць з спэцслужбамі Расеі ці Беларусі. Некаторых зь іх Наўседа нібыта плянаваў прызначыць сваімі дарадцамі.

«Некаторыя сябры перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Наўседы, а таксама сам Наўседа ў 2018–2019 гадах сустракаліся з асобамі, якія займаліся беларускім бізнэсам па вытворчасьці ўгнаеньняў, а таксама мэнэджарамі (акцыянэрамі) і прадстаўнікамі камэрцыйных кампаній», — адзначаецца ў высновах камісіі.

Гэтыя асобы маглі незаконна ўплываць на Наўседу, каб пазьбегнуць санкцый на прадукцыю, рэалізацыяй якой яны займаліся.

Даваць паказаньні на пасяджэньнях камісіі запрашалі прадстаўнікоў Генэральнай пракуратуры Літвы, прадстаўнікоў выведкі, Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі, у тым ліку яе кіраўніка Даруса Яўнішкіса, прадстаўнікоў Выбарчай камісіі, МЗС і іншых міністэрстваў, дарадцаў Гітанаса Наўседы і самога дзейнага прэзыдэнта, журналістаў Давідаса Панцэроваса і Біруце Давіданіце.

Гітанас Наўседа даваць паказаньні адмовіўся. Некаторыя літоўскія дэпутаты ўгледзелі ў гэтай акалічнасьці парушэньне прэзыдэнтам прысягі і падставу для імпічмэнту.

Рэакцыя адміністрацыі Наўседы

У адміністрацыі прэзыдэнта Літвы заявілі, што разглядаюць гэтыя заявы як дыскрэдытацыю дзяржавы і яе Канстытуцыі.

«Камісія відавочна палітызаваная, складаецца з прадстаўнікоў кіроўнай большасьці, і яе «высновы», бяз спробы шукаць аргумэнты ці доказы, накіраваныя ня толькі супраць прэзыдэнта, але і супраць шматлікіх дзяржаўных ведамстваў, у тым ліку і Дэпартамэнту дзяржбясьпекі, Службы спэцыяльных расьсьледаваньняў і Генэральнай пракуратуры», — адзначаецца ў камэнтары адміністрацыі Гітанаса Наўседы.

Што папярэднічала

У 2020 годзе выданьне BNS апублікавала артыкул пра зварот высокапастаўленага прадстаўніка літоўскай выведкі ў парлямэнт і праваахоўныя органы з інфармацыяй пра незаконнае зьбіраньне ў 2018–2019 гадах Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі зьвестак пра атачэньне Гітанаса Наўседы, які тады балятаваўся ў прэзыдэнты.

Гэты зварот не прынёс ніякіх вынікаў, не было і камэнтароў з боку праваахоўных органаў. У парлямэнце тады таксама не змаглі падтрымаць ініцыятыву пра неабходнасьць расьсьледаваньня гэтага факту.

У 2023 годзе літоўскія журналісты Давідас Панцэровас і Біруце Давіданіце, якіх дапытвала парлямэнцкая камісія, выдалі кнігу «Дакладчык і прэзыдэнт», у якой зноў абнародавалі інфармацыю ананімнага прадстаўніка Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы пра зварот кандыдата ў прэзыдэнты Гітанаса Наўседы да гэтай спэцслужбы з просьбай праверыць ягоную каманду.

Апроч таго, у кнізе згадвалася пра магчымае фінансаваньне ягонай выбарчай кампаніі з боку бізнэсоўцаў, зьвязаных зь «Беларуськаліем», а таксама падрабязна апісваўся канфлікт Гітанаса Наўседы зь міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам, у аснове якога было нежаданьне дзейнага прэзыдэнта ўводзіць нацыянальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх прадпрыемстваў пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў Беларусі ў 2020 годзе.

Пасьля гэтага дэпутат Сейму Вітаўтас Бакас (Дэмакратычны саюз «Vardan Lietuvos») паўторна ініцыяваў парлямэнцкае расьсьледаваньне гэтай гісторыі, каб «папярэдзіць незаконнае фінансаваньне выбараў і незаконны ўплыў на палітычную сыстэму».

Камісію стварылі летась у кастрычніку: яе ачоліў Вітаўтас Бакас, а ў склад увайшлі шэсьць дэпутатаў, у тым ліку Лаўрынас Кашчунас, які вядомы сваімі рэзананснымі заявамі і ініцыятывамі наконт неабходнасьці абмежаваньняў для беларусаў у Літве. Некалькі дзён таму Гітанас Наўседа прызначыў яго міністрам абароны.

За стварэньне камісіі прагаласавалі 62 дэпутаты, 36 — супраць, і тры ўстрымаліся. Тыя, хто галасаваў супраць, аргумэнтавалі сваю пазыцыю тым, што галоўная мэта стварэньня такой камісіі — падарваць папулярнасьць Наўседы перад выбарамі 2024 году.

Пасяджэньні сьледчай камісіі праходзілі два разы на тыдзень, і часта — у закрытым рэжыме.

Старшыня камісіі Вітаўтас Бакас вядомы сваёй крытыкай дзеяньняў і рэакцыі ўлады Літвы на мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю. Ён настойваў, што Літва павінна не вяртаць мігрантаў на беларускую тэрыторыю, а прымушаць іх праходзіць мяжу і зьвяртацца па статус уцекача ў Літве. Ягоныя заявы актыўна распаўсюджвалі афіцыйныя СМІ Беларусі.

XS
SM
MD
LG