Svoboda | Graniru | BBC Russia | Golosameriki | Facebook

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны з труной. Як працуе фірма, якая ладзіла пахаваньне беларускі Лізаветы ў Варшаве


Пахаваньне беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля гвалту. Варшава, 14 сакавіка 2024 году
Пахаваньне беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля гвалту. Варшава, 14 сакавіка 2024 году

Расказваем пра пахавальны дом у Польшчы, дзе жанчыны абслугоўваюць цырымонію і выносяць труну зь нябожчыкам. Фірма «Mój anioł» ладзіла і пахаваньне беларускі Лізаветы, якая трагічна памерла сёлета ў Варшаве.

14 сакавіка ў Варшаве пахавалі беларуску Лізавету. Удзельнікі пахаваньня і інтэрнэт-карыстальнікі адзначалі незвычайнасьць цырымоніі — усё ў белых колерах, труну выносілі жанчыны, пялёсткі ружаў. Свабода пагаварыла з супрацоўніцай пахавальнага дому «Mój anioł» у Варшаве, які арганізоўваў пахаваньне Лізаветы.

Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł» у чорных гарнітурах
Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł» у чорных гарнітурах

Жанчыны з труной

Мэнэджарка пахвальнага бюро «Mój anioł» Агнешка Бэчак мяркуе, што іхны пахавальны дом — першы і адзіны ва ўсёй Польшчы, дзе жанчыны працуюць ня толькі ў офісе, але і на саміх пахаваньнях. Пра іншыя падобныя арганізацыі яна ня чула. У іх працуюць і жанчыны, і мужчыны.

«Нам здаецца, што жаночы элемэнт на пахаваньні крыху лагодзіць абстаноўку, атрымліваецца далікатней. Гэта была патрэба сэрца нас усіх. Мы таксама хацелі паказаць, што жанчына ў пахавальнай сфэры ўпраўляецца ня толькі за працоўным сталом, але можа працаваць фізычна і рабіць гэта клясна», — тлумачыць яна.

Жанчына адзначае, што выносіць труну сапраўды фізычна цяжка, гэта вымагае ад дзяўчат пэўнай сілы. Калі труна цяжэйшая, то яе выносяць мужчыны.

Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł». Агнешка Бэчак другая зьлева
Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł». Агнешка Бэчак другая зьлева

«Калі мы ведаем, што можам падняць труну зь целам або урну з прахам, то, канечне, можам гэта выканаць, няма ніякіх перашкодаў», — кажа Агнешка Бэчак.

Яна дадае, што за шмат гадоў працы ў пахавальнай сфэры яны ўбачылі, чаго там бракуе, і адзін з адказаў — гэта жанчыны. Ці адмаўляюцца ў іншых пахавальных бюро браць на такую працу жанчын, яна ня ведае. Ня ведае і таго, ці шмат такіх ахвотных.

Супрацоўніцы пахавальнага бюро выносяць труну Лізаветы з аўтамабіля
Супрацоўніцы пахавальнага бюро выносяць труну Лізаветы з аўтамабіля

Родныя нябожчыка часта просяць, каб пахаваньне абслугоўвалі менавіта жанчыны, калі даведваюцца, што ёсьць такая опцыя.

«Мы часта зьмешваем склад: едуць дзьве жанчыны і двое мужчын. Супрацоўніца, якая прымала сям’ю ў офісе, размаўляла зь ёю пра цырымонію, зьяўляецца і на пахаваньні. Так што жаночы элемэнт усё адно ёсьць», — кажа суразмоўца.

«Я была адказная за прыгатаваньне Лізы ў апошні шлях»

Калі блізкія Лізаветы зьвярнуліся ў іхнае бюро, успамінае мэнэджарка, яны адразу зразумелі, што менавіта іхная служба мусіць заняцца пахаваньнем.

«Я была адказная за прыгатаваньне Лізы ў апошні шлях. Я не ўяўляла, каб мужчына меўся адзяваць яе, рыхтаваць, нават з эстэтычнага пункту гледжаньня, бо мне было важна, каб яна выглядала найпрыгажэй на сьвеце», — тлумачыць Агнешка.

Партрэт Лізаветы на пахаваньні
Партрэт Лізаветы на пахаваньні

Іншыя супрацоўніцы, паводле яе, таксама адразу ведалі, што суправаджаць пахаваньне будуць яны, жанчыны.

«Гэта была такая патрэба сэрца, „маніфэст“, што жанчыны заўсёды стануць за жанчын. Бо мы хацелі перадусім Лізе паказаць, бо рабілі гэта для яе, што жанчыны могуць разьлічваць адна на адну ў кожнай сытуацыі. Гэта выйшла натуральна. Усе мы адчувалі, што ня хочам ангажаваць сюды мужчын, каб несьці труну, і хочам паказаць, што ў жанчын таксама ёсьць вялізная сіла», — успамінае суразмоўца.

У бюро працуюць таксама мужчыны. Але падрыхтоўкай Лізаветы ў апошні шлях займаліся перадусім жанчыны
У бюро працуюць таксама мужчыны. Але падрыхтоўкай Лізаветы ў апошні шлях займаліся перадусім жанчыны

Белы колер

Разьвітаньне зь Лізаветай адбывалася ў белым колеры, а ня ў чорным, як звычайна прынята. Супрацоўніца пахавальнага бюро тлумачыць, што ў Польшчы, як і ў Беларусі, на пахаваньнях дамінуе чорны колер.

Аднак у выпадку Лізаветы вырашылі іначай, бо памерла маладая жанчына. Паводле і польскай, і беларускай традыцыі маладых незамужніх дзяўчат часта хаваюць у белых сукенках. Лізавета таксама была ў белым адзеньні. Ейная сям’я папрасіла белую труну.

«Мы таксама не хацелі дадаваць цяжар усёй гэтай падзеі. Вырашылі, што мы таксама ідзем у белым, каб падкрэсьліць тое, якім важным было гэтае пахаваньне, які сымбаль у сабе несла — нявіннае жыцьцё так жорстка перапынілі. Белы — колер нявіннасьці. Мы абсалютна не хацелі асацыяваць гэтае пахаваньне зь дзецьмі», — мяркуе Агнешка.

Белая труна Лізаветы
Белая труна Лізаветы

Яна кажа, што звычайна блізкія просяць белы колер на разьвітаньні для дзяцей і жанчын ва ўзросьце прыкладна да 30 гадоў. Аднак бывае, што на просьбу сям’і нябожчыка адзяюць у каляровае адзеньне, зьвязанае зь ягоным жыцьцём.

Супрацоўніцы, якія абслугоўвалі пахаваньне, таксама былі ў белых строях з чорнымі элемэнтамі. Агнешка Бэчак кажа, што ў іх ёсьць некалькі камплектаў строяў, іх закупілі раней. Белыя гарнітуры былі таксама, але ўпершыню іх надзелі менавіта на пахаваньне Лізаветы. Адмыслова да гэтай падзеі дакупілі жалобныя каптурыкі на галаву.

Суразмоўца расказвае, што на пахаваньнях няма такога трэнду, як на вясельлях, каб ладзіць усю цырымонію ў пэўных колерах, прыкладам, ружовым ці зялёным. Звычайна гэта чорны колер, часам — белы. Аднак часам блізкія просяць, каб людзі прыходзілі на разьвітаньне ня ў чорным, як прынята, а ў каляровым.

«Тады мы таксама стараемся мець нейкі каляровы элемэнт: або каляровы гальштук, або каляровы пояс, каб дастасавацца да просьбаў», — кажа Агнешка.

Прамова пра жыцьцё

Падчас публічнага пахаваньня Лізаветы, на якім сабраліся больш як сто асобаў, ніхто з блізкіх нічога не прамаўляў. Аднак яны мелі час, каб разьвітацца зь Лізаветай прыватна каля труны. Усю прамову на могілках зачытвалі супрацоўніцы пахавальнага бюро. Яны расказвалі, якой была Лізавета пры жыцьці, якім было ейнае дзяцінства, як яна сустрэлася са сваім каханым Данілам, пра што марыла.

Агнешка Бэчак тлумачыць, што гэта тое новае, што іхная фірма прынесла ў арганізацыю пахаваньняў. Яны стараюцца адцягваць увагу сабраных ад непрыемных, сумных момантаў, а засяроджвацца на добрых успамінах, на тым, што датычыць жыцьця.

Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł» у Варшаве падчас аднаго з пахаваньняў
Супрацоўніцы пахавальнага дому «Mój anioł» у Варшаве падчас аднаго з пахаваньняў

На іншых пахаваньнях блізкія часам таксама не прамаўляюць. У такія моманты сваякам праз моцныя эмоцыі цяжка гаварыць, у іх можа зламацца голас. Таму сем’і просяць, каб работнікі бюро зачыталі пэўныя словы ад іхнага імя. Тэкст прамовы ствараюць супольна з блізкімі.

«Мы часта голас людзей. Гэта вельмі дапамагае, бо тое, што хацелі сказаць, было сказана прыгожа, выразна. Ні ў кога не зламаўся голас. Хаця ў нас таксама былі вялізныя эмоцыі, зрэшты, да сёньня яны ёсьць. Гэта больш бясьпечны спосаб для сям’і, што ўсё будзе прачытана і сказана. Калі хтосьці з родных адчувае сябе ў сілах, таксама прамаўляюць», — кажа Агнешка.

Музыка і пялёсткі

Яшчэ адзін момант, які зьвярнуў на сябе ўвагу падчас разьвітаньня зь Лізаветай, — гэта магіла, усыпаная пялёсткамі белых руж. Мэнэджарка пахавальнага дому кажа, што кветкі і пялёсткі ўваходзяць у стандартны пакет іхных паслуг, так праходзяць многія пахаваньні. Таксама яны клапоцяцца, каб была зямля, якую можна насыпаць на труну ці урну. Ствараюць прыгожыя кампазыцыі са сьвечак, зьнічоў.

«Мы стараемся, каб гэта было прыгожа. Ня тое, што мы толькі апускаем труну, і да пабачэньня. Але каб было цёплае, прыгожае афармленьне, на высокім узроўні. Для сям’і гэта важны сымбаль — пасыпаць пялёсткі ці зямлю. Гэта апошні жэст, які мы накіроўваем у бок памерлага чалавека», — адзначае суразмоўца.

Мужчыны апускаюць труну ў магілу, абсыпаную пялёсткамі руж
Мужчыны апускаюць труну ў магілу, абсыпаную пялёсткамі руж

Падчас усяго разьвітаньня зь Лізаветай гучалі мэдытацыйныя мэлёдыі з гукамі прыроды. Выбралі такую музыку, бо дзяўчына яе любіла.

«Мы заўсёды пытаемся ў сям’і, які быў любімы музычны твор гэтага чалавека. Стараемся на пахаваньні дастасавацца да яго. Здараецца, просяць паставіць больш сумныя мэлёдыі, часам больш вясёлыя. Бывае, просяць уключыць фальклёрныя польскія матывы. Гэта заўсёды выбірае сям’я», — кажа суразмоўца.

Пасьля пахаваньня Лізаветы некаторыя пісалі крытычныя камэнтары, кшталту — навошта рабіць з пахаваньня шоў, або што разьвітаньне было надта патэтычнае. Агнешка Бэчак мяркуе, што гэта суб’ектыўнае меркаваньне людзей. Яны ж у бюро не стараюцца ўсім спадабацца.

Белымі пялёсткамі пасыпаюць магілу Лізаветы
Белымі пялёсткамі пасыпаюць магілу Лізаветы

«Сытуацыя Лізы была гучная праз саму падзею, якая здарылася. Усё, што атачала пахаваньне, было вельмі мэдыйнае, думаю, ня толькі ў Польшчы. Пахаваньне таксама было мэдыйнае. Але калі б на пахаваньні было пяць чалавек, або трыста, калі б былі журналісты ці не былі, яно выглядала б гэтаксама. Гаворка ішла пра ўшанаваньне жыцьця Лізы, пра тое, каб аддаць ёй належнае», — тлумачыць супрацоўніца пахавальнай сфэры.

Яна падкрэсьлівае, што ў арганізацыі пахаваньня яны заўжды стараюцца дастасавацца да канкрэтнага чалавека. У выпадку зь Лізаветай іхнай мэтай не было зрабіць шоў, толькі разьвітацца зь ёю прыгожа.

Праца ў пахавальным бюро

На пытаньне, якія якасьці важныя ў пахавальнай сфэры, Агнешка Бэчак мяркуе, што перадусім трэба любіць людзей, любіць зь імі размаўляць, а таксама мець моцную псыхіку.

«Павінна быць пакліканьне да гэтай прафэсіі. Інакш мы ня будзем чэрпаць з гэтага ніякага задавальненьня, што мы маглі зрабіць для кагосьці штосьці прыгожае ў гэтым апошнім зямным дні», — мяркуе яна.

Сама Агнешка рыхтуе целы нябожчыкаў да пахаваньня.

«Я люблю сваю працу, бо магу зрабіць для памерлага штосьці добрае, вярнуць яму годнасьць, прыгожы выгляд, прыгожа адзець у апошні шлях. Яны ўжо пра сябе не паклапоцяцца. Ім патрэбны хтосьці, хто ім дапаможа. Мы робім гэта таксама для сям’і. Яны праз выгляд нябожчыка менш баяцца, калі бачаць супакой на ягоным твары», — мяркуе яна.

На ейную думку, важна, хто прымае родных у офісе бюро, калі дамаўляюцца пра цырымонію.

«Супрацоўнікі ў офісе ўсё арганізуюць, размаўляюць, слухаюць, раяць, трымаюць за руку, часам прытуляюць, прапануюць хустачку. Гэта шалёна важна, калі ў пахавальным доме мы сустрэнем чалавека, які мае адкрытае сэрца, слухае чалавека. Гэта дае вялізнае задавальненьне», — кажа суразмоўца.

Агнешка Бэчак. Архіўнае фота
Агнешка Бэчак. Архіўнае фота

Яна дадае, што ніхто ў іхным бюро ня думае, каб адтуль звольніцца.

«Калі думаеш, як зрабіць працу на высокім узроўні, то ня думаеш пра такія рэчы. Калі хтосьці прыйдзе ў пахавальную сфэру, то ня хоча зь яе выходзіць», — перакананая яна.

Агнешка кажа, што іхная праца адкрывае вочы на важныя, добрыя рэчы, якіх у штодзённасьці можна не ацаніць.

«У нас шырэйшая пэрспэктыва. Мы разумеем, што трэба цешыцца кожнай хвілінай, патэлефанаваць раз у дзень да блізкіх. Мы сустракаемся з такімі рознымі выпадкамі сьмерці, што кожны з нас думае пра яе часта», — кажа яна.

  • Сёлета 25 лютага ў Варшаве на беларуску Лізавету, якая вярталася раніцай дадому, напаў незнаёмец. Ён прыставіў ёй да шыі нож, адцягнуў да суседняй брамы, дзе пабіў і згвалтаваў. Непрытомную дзяўчыну знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю. Падазраваным у нападзе аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
  • Першага сакавіка Лізавета памерла ў шпіталі. Ёй было 25 гадоў. Шостага сакавіка ў Варшаве прайшоў марш яе памяці. 14 сакавіка дзяўчыну пахавалі на Паўночных могілках у Варшаве.
  • Знайсьці пахавальны дом «Mój anioł», дзе працуюць жанчыны, блізкім Лізаветы дапамагла ўкраінская арганізацыя ў Польшчы «Мартынка». Яна таксама ладзіла акцыі памяці Лізаветы і марш супраць гвалту ў Варшаве. Свабода зьвярнулася да прадстаўнікоў «Мартынкі» па камэнтар, але паразмаўляць зь імі не атрымалася.

XS
SM
MD
LG